Дысклеймер 🚨

Суд Чыгуначнага раёна г. Гомеля 7 чэрвеня 2024 года прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі гэты сайт і старонку БХК у Facebook.

Мы разглядаем гэта няйначай як адвольнае абмежаванне нашага права займацца праваабарончай дзейнасцю, у прыватнасці — распаўсюджваць інфармацыю і веды аб правах чалавека і механізмах іх абароны. Гэтым жа рашэннем дзяржава абмяжоўвае і права нашых карыстальнікаў атрымліваць тую ж інфармацыю і веды.

Рэкамендацыі па бяспецы для карыстальнікаў.

Пра БХК коратка

 

Беларускі Хельсінкскі Камітэт (БХК) — добраахвотная, незалежная, непалітычная, грамадская, праваабарончая арганізацыя. БХК працуе з 1 лістапада 1995 года (зарэгістраваны Мінюстам).

Беларускі Хельсінкскі Камітэт працуе дзеля таго, каб рэанімаваць сэнсы правоў чалавека і каб правы чалавека былі ўключаны ва ўсе сферы жыцця.

Заснавальнікамі Беларускага Хельсінкскага Камітэта сталі вядомыя грамадскія і культурныя дзеячы краіны: Васіль Быкаў (ён жа першы старшыня назіральнага савета БХК), Рыгор Барадулін, Радзім Гарэцкі, Святлана Алексіевіч, Генадзь Бураўкін, Юры Хадыка, Карлас Шэрман.

 

1 кастрычніка 2021 г. Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь пазбавіў БХК рэгістрацыі, аднак мы працягваем сваю працу. У ліпені 2022 года, нягледзячы на рашэнне ўладаў аб ліквідацыі, Беларускі Хельсінкскі Камітэт атрымаў кансультатыўны статус пры ЭКАСАС ААН. Мы сталі першай беларускай НДА з такім статусам.

 

Ужо 6 гадоў мы выпускаем Нацыянальны індэкс правоў чалавека. Мы прыводзім агульную ацэнку сітуацыі з правамі чалавека і па трох катэгорыях — сацыяльна-эканамічныя правы, грамадзянска-палітычныя правы і агульныя меры ў галіне правоў чалавека — ацэньваем канкрэтныя правы, іх кампаненты і індыкатары ідэальнай сітуацыі. Датасет уключае ≈290 індыкатараў кожны год.

 

У 2023–2025 гг. мы:

  • Падрыхтавалі больш за 30 дакладаў і паведамленняў у міжнародныя механізмы (самастойна або ў кааліцыі з партнёрамі). Мы ахапілі альтэрнатыўнымі дакладамі ўсе асноўныя механізмы ААН: UPR, SDGs, CEDAW, CERD.
  • Пры гэтым далучылі да працы з міжнароднымі механізмамі 7 новых беларускіх ініцыятыў.
  • Пракансультавалі 42 беларускія ініцыятывы па пытаннях падыходу, заснаванага на правах чалавека (human rights based approach), і працы міжнародных механізмаў па правах чалавека.
  • Далі больш за 500 індывідуальных кансультацый для грамадзян.
  • Наша аналітыка выходзіць у такіх выданнях, як Cambridge University Press, на яе спасылаецца УВКПЧ ААН. У 2024 годзе Індэкс правоў чалавека быў адзначаны ў Гадавым дакладзе Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека як важны інструмент для ацэнкі адпаведнасці нацыянальных законаў, палітык і практык міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.
 

Арганізацыя — удзельнік Кантактнай групы Рады Еўропы па супрацоўніцтве з беларускім грамадствам.

 

 

Прынцыпы, на падставе якіх мы працуем

 
  1. Мы дзейнічаем на падставе Прынцыпаў дзейнасці праваабаронцаў Беларусі .
  2. Распрацоўваем нашы працэсы і прадукты з улікам падыходу, заснаванага на правах чалавека (human rights based approach).
  3. Выкарыстоўваем наступнае кіраўніцтва па вызначэнні палітычных зняволеных .
  4. Як і іншыя Хельсінкскія групы па ўсім свеце, дзейнічаем у духу Хельсінкскіх пагадненняў .
 

З кім мы працуем дзеля дасягнення нашай місіі

 

→ НДА. Мы дапамагаем грамадскім арганізацыям і ініцыятывам інтэграваць аспект правоў чалавека ў сваю дзейнасць. БХК кансультуе ініцыятывы па пытаннях human rights based approach і выкарыстання міжнародных праваабарончых механізмаў, дапамагае распрацоўваць алгарытмы абароны мэтавых групаў.

Мы таксама падтрымліваем удзел ініцыятыў у падрыхтоўцы сумесных дакладаў, што дазваляе ім зрабіць свой голас больш чутным на міжнародным узроўні.

 

→ Бізнес. Мы дапамагаем бізнесу разабрацца ў тэме «бізнес і правы чалавека» і даём базавы інструментар для ўкаранення належных падыходаў у працэсы і прадукты. Дапамагаем інвестарам зразумець краінавы кантэкст у тэме «бізнес і правы чалавека».

 

→ Прафесійная прававая супольнасць (адвакаты, юрысты, студэнты-юрысты). Мы абараняем прафесійную супольнасць, выкарыстоўваючы міжнародныя механізмы, распрацоўваем навучальныя і асветніцкія матэрыялы, арганізуем праграму стажыровак для студэнтаў.

 

→ Міжнародныя механізмы ў галіне правоў чалавека. Мы, самастойна або з партнёрамі, падаем альтэрнатыўныя даклады ў ключавыя механізмы ААН (UPR, SDGs, CEDAW, CERD) і АБСЕ, рэгулярна адказваем на іх запыты і г.д.

 

→ Людзі. Мы распрацоўваем памяткі па найбольш вострых або заблытаных пытаннях. Нашы юрысты бясплатна кансультуюць грамадзян па пытаннях, якія тычацца парушэння правоў чалавека, рыхтуюць экспертныя заключэнні amicus curiae для суда.

 

Тэмы, з якімі мы працуем

 

Аналітыка трэндаў і палітыкі па правах чалавека ў Беларусі і рэгіёне, дыскрымінацыя, бізнес і правы чалавека, падыход, заснаваны на правах чалавека (human rights based approach), міжнародныя праваабарончыя механізмы, сацыяльна-эканамічныя правы.

 

Нашы ключавыя прадукты

 

→ Нацыянальны індэкс правоў чалавека

 

Гэты індэкс стварае група экспертаў грамадзянскай супольнасці пад агульнай каардынацыяй Беларускага Хельсінкскага Камітэта. Мы прыводзім агульную ацэнку сітуацыі з правамі чалавека і па трох катэгорыях (сацыяльна-эканамічныя правы, грамадзянска-палітычныя правы і агульныя меры ў галіне правоў чалавека) ацэньваем канкрэтныя правы, іх кампаненты і індыкатары ідэальнай сітуацыі. Мы робім гэты індэкс дзеля трох рэчаў: 1) каб зацікаўленыя прафесіяналы маглі хутка ацаніць агульную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, а не збіраць інфармацыю па разрозненых крыніцах; 2) каб паказаць, як змяняецца сітуацыя; 3) па сутнасці індэкс паказвае накірунак рэформаў у галіне правоў чалавека, у якіх мае патрэбу наша краіна.

 

У 2024 годзе Індэкс быў адзначаны ў гадавой справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека як прыклад эфектыўнай ацэнкі заканадаўства і практык у сферы правоў чалавека.

 

→ Агляд «Правы чалавека ў Беларусі: асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі»

 

У гэтым аглядзе мы асвятляем найбольш значныя змены ў беларускай дзяржаўнай палітыцы ў галіне правоў чалавека і рэакцыі на яе з боку міжнароднай супольнасці па трох кірунках: агульныя меры — сістэмныя рэчы (заканадаўства, стратэгіі, палітыкі), якія ў цэлым вызначаюць умовы і перадумовы рэалізацыі правоў чалавека ў краіне; правапрымяняльная практыка — канкрэтныя парушэнні грамадзянскіх і палітычных, сацыяльных, эканамічных і культурных правоў; ключавыя рашэнні і рэакцыі міжнародных структур, звязаныя з сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Наша аналітыка дапаможа лепш зразумець трэнды ў галіне правоў чалавека, дасць магчымасць адсочваць сістэмныя і якасныя змены сітуацыі, пашырыць правачалавечны фокус аналітыкі ў сумежных галінах (палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і г.д.), будзе карыснай для выпрацоўкі стратэгій і пазіцый.

 

→ Database па стандартах правоў чалавека для юрыстаў і менеджараў праектаў

 

Рэсурс эканоміць час і дапамагае хутка зарыентавацца ў міжнародных стандартах правоў чалавека па ключавых запытах. Дапамагае хутка нарасціць пачатковую экспертызу па неабходным аспекце правоў чалавека, узмацніць юрыдычны дакумент (скаргу, заяву) рэлевантнымі міжнароднымі стандартамі правоў чалавека; пры гэтым такой інфармацыі няма ў папулярных прафесійных базах. Дапамагае менеджарам праектаў і прадстаўнікам дзяржаўных органаў зарыентавацца ў парадку дня па правах чалавека ў дачыненні да Беларусі.

 

→ Гайдлайны па бізнесе і правах чалавека. Дапамагаюць бізнесу хутка разабрацца ў тэме «бізнес і правы чалавека» і даюць базавы інструментар для ўкаранення належных падыходаў у бізнес-працэсы.

 

Дадатковая інфармацыя

 

Арганізацыя — удзельнік Кантактнай групы Рады Еўропы па супрацоўніцтве з беларускім грамадствам.

 

Арганізацыя мае кансультатыўны статус пры ЭКАСАС ААН (з ліпеня 2022 г.).

 

Алег Гулак, кіраўнік арганізацыі ў 2008–2022, — лаўрэат Франка-нямецкай прэміі «За правы чалавека і вяршэнства закона».

 

Партнёры

 

БХК дзейнічае ў партнёрстве з Helsinkio susitarimų skatinimo asociacija на падставе Мемарандума аб супрацоўніцтве.

 

Наша праца была б немагчымая без наступных партнёраў:

 

 

Як падтрымаць БХК

 

Самы просты спосаб падтрымаць нашу працу — данат праз Stripe.

🚨Важна: дзеля вашай бяспекі не выкарыстоўвайце беларускія або расійскія карты для такіх данатаў!

💜 Дзякуй, што вы з намі!