Правы чалавека ў Беларусі: асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі
☝ Шмат хто аддае перавагу чытаць гэтыя агляды на спецыяльнай старонцы праекта.
📬 Каб не прапусціць новыя агляды — падпісвайцеся на рассылку.
Сярод трэндаў студзеня — красавіка 2025 года:
Дзяржава знаходзіцца ў актыўнай фазе двунакіраванага працэсу: планавай комплекснай рэвізіі заканадаўства з пазітыўнымі зменамі з аднаго боку, і адначасовага працэсу легалізацыі рэпрэсій — з другога. На працягу 2025–2026 гг. можна чакаць пашырэння фармалізацыі падставаў да пераследу як мінімум у сферы адміністратыўнай адказнасці, працоўных дачыненняў, аховы здароўя, культуры. Фармалізацыя адбываецца як праз увядзенне абсалютна новых норм, так і праз замацаванне ў заканадаўстве фактычнай рэпрэсіўнай практыкі.
Дзяржава працягвае адаптавацца да новай рэальнасці (якая паўстала пасля 2020 г.), свядома перакройваючы прававую сістэму дзеля працягу рэпрэсій, у тым ліку пераглядаючы праграмныя дакументы, якія вызначаюць асновы дзяржаўнай палітыкі. Следам за абнаўленнем Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Канцэпцыі прававой палітыкі ў 2023 г., Ваеннай дактрыны ў 2024 г., у красавіку 2025 г. А. Лукашэнка выдаў дырэктыву № 12 “Аб рэалізацыі асноваў ідэалогіі беларускай дзяржавы”.
Гэта першы адзіны комплексны нарматыўны дакумент у сферы ідэалогіі. Ён устанаўлівае адзіныя стандарты для арганізацыі і правядзення ідэалагічнай працы па ўсёй краіне. У бліжэйшы год можна прагназаваць павышэнне рэпрэсіўнага ціску на працоўных месцах (асаблівы ўпор на прыватны сектар эканомікі) і ў адукацыі.
Заканадаўча ствараюцца ўмовы для ўзмацнення рэпрэсіўнага ціску і па ўсёй кіраўнічай вертыкалі. Дырэктыва прэзідэнта № 12 змяшчае палажэнні пра асабістую адказнасць кіраўнікоў за якасць “ідэалагічнай працы”; яшчэ адна дырэктыва, прынятая ў першым трыместры 2025 г. — № 11 “Аб удасканаленні функцыянавання сістэмы органаў улады і кіравання, узмацненні выканаўчай дысцыпліны” — абвяшчае выканаўчую дысцыпліну прыярытэтнай дзяржаўнай задачай.
Сыходзячы з наратываў, мэтаў прыняцця і значнасці абедзвюх дырэктыў для сістэмы, можна прагназаваць актыўны перыяд кантролю іх выканання. Ствараемы ціск унутры вертыкалі будзе адбівацца на агульным рэпрэсіўным фоне для людзей.
Эвалюцыянуе трэнд выкарыстання статусу сацыяльна-небяспечнага становішча (СНС) сям’і для палітычных рэпрэсій. Са студзеня 2025 г. пачаў дзейнічаць новы нарматыўны акт: па-першае, у два разы (з 6 да 12) павялічылася колькасць адміністратыўных складаў, за прыцягненне па якіх бацькоў сям’ю могуць паставіць у СНС; па-другое, сярод новых складаў — 4, якія выкарыстоўваюцца ўладамі для палітычнага пераследу.
Сярод ключавых зменаў у сферы эканамічных, сацыяльных і культурных правоў: па-першае, для людзей, якія не працуюць (г.зв. “дармаедаў”), уведзеныя чарговыя навацыі, што парушаюць іх правы, у тым ліку права на працу і сацыяльнае забеспячэнне — адвольна павышаны неабходны парог стажу, які дазваляе прэтэндаваць на дапамогу па беспрацоўі (цяпер ён складае 5 гадоў). Па-другое, уводзяцца новыя нормы, якія неабгрунтавана абмяжоўваюць у правах самазанятых, што працуюць у сферы адукацыі.
Са студзеня 2025 г. уступіла ў сілу змена, якую можна акрэсліць як адну са спробаў уладаў выправіць вынікі “пашпартнага ўказа”: скасавана неабходнасць звяртацца ў органы ЗАГС Беларусі для атрымання пацверджання аб адсутнасці шлюбу для людзей, якія жадаюць заключыць шлюб за мяжой. Цяпер для грамадзян Беларусі, якія жадаюць заключыць шлюб за мяжой, такім дакументам будзе з’яўляцца ўласная заява аб адсутнасці перашкод да заключэння шлюбу, завераная натарыюсам.
Асноўны і самы важны трэнд правапрымяняльнай практыкі, якая парушае правы чалавека, за першы трыместр 2025 г. — абмежаванне інструментаў для адсочвання тэндэнцый у правапрымяняльнай практыцы: спынены публічны доступ да электроннага раскладу судовых паседжанняў. Разам са спыненым у 2024 г. доступам да базы ананімізаваных судовых рашэнняў, такая мера пазбаўляе грамадскасць, і ў прыватнасці праваабаронцаў, амаль усіх афіцыйных крыніц інфармацыі для адсочвання тэндэнцый у правапрымяняльнай практыцы ў цэлым і для маніторынгу палітычна матываванага пераследу ў прыватнасці.
Пра агляд
У гэтым аглядзе мы асвятляем найбольш значныя змены ў беларускай дзяржаўнай палітыцы ў галіне правоў чалавека і рэакцыі на яе з боку міжнароднай супольнасці па трох кірунках:
- агульныя меры: сістэмныя рэчы — заканадаўства, стратэгіі, палітыкі, якія ў цэлым вызначаюць умовы і перадумовы рэалізацыі правоў чалавека ў краіне;
- правапрымяняльная практыка: канкрэтныя парушэнні грамадзянскіх і палітычных, сацыяльных, эканамічных і культурных правоў;
- ключавыя рашэнні і рэакцыі міжнародных структур, звязаныя з сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.
Наша аналітыка дапамагае лепш зразумець трэнды ў галіне правоў чалавека, дае магчымасць адсочваць сістэмныя і якасныя змены сітуацыі і пашыраць праваабарончы фокус аналітыкі ў сумежных галінах (палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сферы і г.д.), будзе карысная для выпрацоўкі стратэгій і пазіцый.
У 2025 годзе "трэнды" выходзяць раз у трыместр.