Пыткі і дыскрымінацыя жанчын у калоніях Беларусі
Беларуская праваабарончая арганізацыя "Прававая ініцыятыва" пры падтрымцы Праваабарончага цэнтра «Вясна», Беларускага Хельсінкскага Камітэта, Respect-Protect-Fulfill, Human Constanta, Беларускага ПЭНа накіравала ў Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (CEDAW) афіцыйны зварот з патрабаваннем пачаць расследаванне ў адпаведнасці з артыкулам 8 Факультатыўнага пратаколу да Канвенцыі.
Праваабаронцы сабралі і прадставілі шырокія доказы таго, што ў беларускіх турмах, калоніях і ізалятарах на працягу многіх гадоў адбываюцца сур’ёзныя і сістэматычныя парушэнні правоў жанчын, уключаючы катаванні, прыніжэнні і дыскрымінацыю па прыкмеце гендэра. Ідзе гаворка не пра асобныя інцыдэнты, а пра цэлую сістэму рэпрэсій, у якой гендэрна абумоўлены гвалт і жорсткае абыходжанне сталі нормай, асабліва ў дачыненні да жанчын-палітвязынак.
Гэтыя парушэнні падпадаюць пад вызначэнне дыскрымінацыі ў сэнсе артыкулаў 1, 2, 3, 5(a), 7 і 12 Канвенцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, у тым ліку ў інтэрпрэтацыі Камітэта ў Агульных рэкамендацыях № 19, № 24, № 28 і № 35. Іх працяг, у спалучэнні з нежаданнем дзяржавы выконваць папярэднія рэкамендацыі CEDAW, патрабуе неадкладнай рэакцыі ў межах працэдуры расследавання.
Праваабаронцы заклікаюць міжнародныя і нацыянальныя недзяржаўныя арганізацыі, эксперт_ак у галіне правоў чалавека, а таксама палітык_ес публічна падтрымаць гэты зварот, распаўсюдзіць інфармацыю пра задокументаваныя парушэнні і аказаць ціск на ўлады Беларусі дзеля спынення катаванняў, жорсткага абыходжання і дыскрымінацыі жанчын у месцах пазбаўлення волі.
Падпісаць гэты зварот можна па спасылцы:
- https://forms.gle/NTgrwj4KeVWTQ2mQ6 (па-руску)
- https://forms.gle/ACmPQ8Rsoun3msSbA (па-англійску)
Што праваабаронцы зафіксавалі
Праваабаронцы "Прававой ініцыятывы" сабралі шматлікія сведчанні жанчын, якія прайшлі праз ізалятары часовага ўтрымання, цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, следчыя ізалятары і папраўчыя калоніі. У тым ліку дзве калоніі, у якіх утрымліваюцца толькі жанчыны — ІК № 4 у Гомелі і ІК № 24 у Зарэччы.
Сярод найбольш сур’ёзных парушэнняў:
- Адсутнасць належных гігіенічных умоў і даступных сродкаў асабістай гігіены. Напрыклад, выдаецца толькі 6 пракладак на 3 дні або 10 у месяц, часам іх не выдаюць увогуле; душ дазваляюць прымаць толькі раз на тыдзень або радзей; у камерах вядуцца клопы, тараканы, вошы.
- Прыніжальныя асабістыя вобшукі і адсутнасць прыватнасці, уключаючы распрананне перад мужчынамі-супрацоўнікамі месцаў пазбаўлення волі, адкрытыя прыбіральні, відэаназіранне.
- Сексісцкія выразы, жарты пра сексуалізаваны гвалт, пагрозы.
- Адмова ў медыцынскай дапамозе і прадастаўленні лекаў, што вядзе да яшчэ больш сур’ёзных праблем са здароўем, у тым ліку рэпрадуктыўным.
- Публічныя прыніжэнні, у тым ліку выкарыстанне «клеткі сораму» ў ІК № 4 (такой практыкі няма ў мужчынскіх калоніях).
- Асаблівы ціск на жанчын-палітвязынак — перапоўненыя камеры, пастаяннае штучнае асвятленне, адсутнасць матрацаў, забарона на атрыманне пасылак, пагрозы і псіхалагічны ціск.
Чаго праваабаронцы патрабуюць
Праваабаронцы заклікаюць CEDAW пачаць расследаванне і запатрабаваць ад уладаў Беларусі адказаў на ключавыя пытанні:
- Якія меры рэальна прыняты для спынення катаванняў, жорсткага абыходжання і гендэрна абумоўленага гвалту?
- Як забяспечваецца права жанчын на прыватнасць, медыцынскую дапамогу, гігіену?
- Чаму палітычныя зняволеныя жанчыны ўтрымліваюцца ў асабліва цяжкіх умовах?
- Як гарантуецца магчымасць бяспечна паведамляць пра гвалт і атрымліваць дапамогу ў месцах несвабоды?
- Ці праводзяцца расследаванні парушэнняў і ці пакараныя вінаватыя?
- Якія праграмы навучання супрацоўнікаў месцаў пазбаўлення волі існуюць і наколькі яны эфектыўныя?
- Як дзяржава адсочвае доўгатэрміновыя наступствы зняволення для здароўя жанчын?
Нагадаем, што ў лютым 2025 года на 90-й сесіі Камітэта па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын быў разгледжаны даклад беларускіх уладаў аб выкананні імі абавязацельстваў па Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын.
Кааліцыя беларускіх НДА і ініцыятыў накіравала ў CEDAW свой альтэрнатыўны даклад.