Памятка для арганізацый грамадзянскай супольнасці па ўдзеле ў працэсе УПА (UPR)
Што такое Універсальны перыядычны агляд (УПА / UPR)?
Універсальны перыядычны агляд — унікальны механізм Савета ААН па правах чалавека, які скіраваны на паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў кожнай з 193 дзяржаў-чальцоў ААН.
Раз на 4,5 года кожная краіна-чалец ААН праходзіць працэдуру Універсальнага перыядычнага агляду — свайго роду «экзамен», дзе дае справаздачу аб выкананні правоў чалавека. УПА абавязковы для ўсіх дзяржаў-чальцоў ААН, а не толькі для «троечнікаў» у галіне правоў чалавека. Гэты агляд арганізаваны паводле прынцыпу кансультацый роўных і ў большасці выпадкаў выглядае як абмен меркаваннямі і рэкамендацыямі паміж незалежнымі дзяржавамі.
Потым краіна, якая праходзіць працэдуру агляду, сама вызначае, якія з атрыманых рэкамендацый прыняць. Мяркуецца, што краіна прымае і выконвае рэкамендацыі добраахвотна, бо гэта палепшыць жыццё людзей. А паколькі агляд перыядычны (раз на 4,5 года), можна ацаніць, як краіна выканала рэкамендацыі.
Беларусь прайшла працэдуру УПА ў 2010, 2015 і 2020 гадах.
Ключавыя аспекты:
- Сітуацыя з правамі чалавека ў кожнай дзяржаве пераглядаецца раз на 4,5 года. Адзін такі перыяд называецца цыклам УПА.
- У працэсе агляду ўсе дзяржавы-чальцы ААН даюць рэкамендацыі дзяржаве, якая праходзіць агляд. У сярэднім кожная дзяржава атрымлівае каля 200 рэкамендацый за адзін агляд.
- Рэкамендацыі УПА ахопліваюць усе аспекты правоў чалавека: эканамічныя, сацыяльныя, культурныя, палітычныя і грамадзянскія правы.
Працэс УПА ўключае тры этапы:
- Падрыхтоўка (прадстаўленне дакладаў аб выкананні папярэдніх рэкамендацый).
- Перыяд паміж аглядам і яго зацвярджэннем (дзяржава атрымлівае рэкамендацыі і вызначае пазіцыю).
- Рэалізацыя рэкамендацый (дзяржава і іншыя бакі працуюць над іх выкананнем).
Асноўныя дакументы для агляду:
- Нацыянальны даклад дзяржавы.
- Зводка інфармацыі ААН (уключае даныя ад органаў, спецпрацэдур і структур ААН).
- Рэзюмэ прадстаўленняў грамадзянскай супольнасці.
Даклады, на якіх базаваўся агляд Беларусі ў 2020 г., даступныя тут. Праваабаронцы падавалі кааліцыйны даклад і спіс прыярытэтных рэкамендацый.
Роля грамадзянскай супольнасці ў працэсе УПА
Арганізацыі грамадзянскай супольнасці (АГС) могуць уплываць на працэс:
- Удзел у нацыянальных кансультацыях. Падчас падрыхтоўкі да агляду АГС дапамагаюць фарміраваць аб’ектыўную карціну.
- Падача альтэрнатыўных дакладаў. АГС могуць апісваць выкананне рэкамендацый і актуальную сітуацыю.
- Адвокацыя і прасоўванне тэмаў. АГС будуюць дыялог з дзяржавамі і дыпламатамі. Папярэднія даклады даступныя тут.
- Удзел у працэсе агляду. АГС з акрэдытацыяй могуць назіраць за сесіямі і выступаць падчас абмеркавання выніковага дакладу.
- Маніторынг выканання рэкамендацый.
- Прамежкавыя даклады. Праз 2–2,5 года пасля агляду АГС могуць апублікаваць справаздачы. Прыклад: прамежкавы даклад 2023.
4-ы цыкл УПА для Беларусі: падрыхтоўка альтэрнатыўнага дакладу
У 2025 годзе завершыцца 3-ці цыкл УПА для Беларусі, краіна атрымае новыя рэкамендацыі і пачнецца 4-ы цыкл. Папярэднія вынікі — тут.
Да 7 красавіка 2025 г. АГС могуць падаць індывідуальныя і кааліцыйныя даклады.
Патрабаванні да дакладаў:
- Аб’ём: індывідуальныя — 2815 слоў, кааліцыйныя — 5630.
- Мова: толькі афіцыйныя мовы ААН.
- Публічнасць: даклады не канфідэнцыйныя, публікуюцца на сайце.
- Адпраўка: праз uprdoc.ohchr.org.
- Змест: інфармацыя пра выкананне рэкамендацый, сітуацыю з правамі чалавека, асноўныя праблемы, рэкамендацыі, табліцы і дадаткі.
- Фармат: Word, дадаткі — PDF.
- Дадатковыя патрабаванні: назва і кантакты арганізацыі, кароткае апісанне дзейнасці, нумарацыя старонак, дадаткі загружаюцца асобна.
- Дэдлайн: 7 красавіка 2025 г.
Карысныя спасылкі:
- Старонка Беларусі: ohchr.org/upr/by-index
- Гайд для зацікаўленых бакоў: Stakeholders Technical Guidelines
- Сістэма падачы дакладаў: uprdoc.ohchr.org